ВАН ЧУН,

Чжунжэнь (27, Шан’юй, прав. Чжэцзян, Кітай — 104), кітайскі філосаф. Аўтар шэрагу філас. трактатаў, з якіх захавалася кн. «Крытычныя разважанні» («Лунь хэн»). Усё існае, паводле Ван Чуна, утворана з матэрыяльнай субстанцыі — «першаснага эфіру» (юань цы), а адрозненні паміж рознымі рэчамі паходзяць ад розніцы ў ступені яго згушчэння; з гэтага «першаснага эфіру» складаецца і чалавек. Лічыў, што свядомасць ёсць прадукт жыццядзейнасці цела і знікае разам са смерцю істоты. Сцвярджаў ідэю спантаннасці і неўсвядомленасці натуральнага парадку рэчаў, што вяло яго да натуралістычнага фаталізму — прызнання поўнай абумоўленасці чалавечага існавання прыроднымі фактарамі. Гісторыю чалавечага грамадства трактаваў як змену панавання культуры (вэнь) і прыроднай асновы, а ўсе сац. ўзрушэнні абгрунтоўваў непазбежнымі стыхійнымі бедствамі.

т. 3, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)